У пачатку 1990-х гг. Інстытутам тэхнічнай эстэтыкі была распачата спроба паказаць гісторыю развіцця беларускага дызайну ў гістарычным кантэксце. У выстаўнай зале “ВНИИТЭ” была арганізавана вялікая выстава з распрацоўкамі беларускіх дызайнераў сучаснасці, а таксама вытокаў дызайну. На жаль, выстава існавала нядоўга і з той пары спробы стварэння анталогіі беларускага дызайну не распачыналіся. Мы лічым, што настаў час вярнуцца да гэтых даследаванняў.

Нагодай для гэтага стала ідэя правесці ў наступным годзе  сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь выставу, прысвечаную гісторыі беларускага дызайну, якая закране аспекты прафесійнага дызайн-праектавання, прамысловай і рамеснай вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь. Мы жадаем прадставіць дасягненні не толькі праектнай культуры, якая фармавалася спецыялізаванымі кафедрамі, навукова-тэхнічнымі інстытутамі, праектнымі бюро буйных вытворчасцяў, але і тыя прадметы побыту і тэхнікі функцыянальнага і дэкаратыўнага прызначэння, якія служылі нам верай і праўдай доўгія гады і былі вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Акрамя трактароў і аўтамабіляў, вядомых амаль што ва ўсім свеце, вялікай папулярнасцю і попытам карысталіся беларускія халадзільнікі, сокавыціскалкі, тэлевізары, фотаапараты, радыёпрыёмнікі, мэбля, адзенне і шмат іншага.

Галоўнымі мэтамі нашага праекта мы бачым стварэнне калекцыі аб’ектаў матэрыяльнай культуры з далейшым яе экспанаваннем, кансервацыяй і захаваннем у выглядзе фотафіксацыі, каталогізацыі і атрыбуцыі дадзеных аб’ектаў.

Гэта паспрыяе захаванню і папулярызацыі твораў беларускага дызайна як аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны, вызначэнню  адметных рыс і ідэнтычнасці беларусаў у гэтай галіне матэр'яльнай культуры. Першым крокам да гэтага стала правядзенне канферэнцыі, на якую мы запрасілі калег,  музейных спецыялістаў, гісторыкаў, калекцыянераў, краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, улічваючы тое, што выходзячы за рамкі прафессінага акадэмічнага дызайна, наша праца будзе насіць междысцыплінарны характар.

На першым паседжанні прысутнічалі:

Бембель Таццяна, мастацтвазнаўца
Голубеў Ігар, дызайнер
Дарохін Павел, дызайнер
Зямскова Вольга, арт-менеджар, куратар
Казлоў Максім, журналіст
Калашнікаў Ігар, фатограф
Калінская Анастасія, мастачка
Камоска Андрэй, калекцыянер, краязнаўца
Кіштымаў Андрэй, гісторык
Кульпановіч Дзмітрый, фатограф, куратар
Міхалевіч Аляксандр, дызайнер
Нікіціна Вольга, культуролаг
Панцялей Аляксандр, калекцыянер, краязнаўца, рэстаўратар, дызайнер
Раханскі Ігар, гісторык
Салаўёў Ігар, дызайнер
Сапрановіч Дзмітрый, даследчык аўтамабільнага дызайна
Сізянкова Святлана, культуролаг, арт-менеджар
Сурмачэўскі Ігар, дызайн, калекцыянер, рэстаўратар
Сурскі Дзмітрый, дызайнер
Сурскі Ягор, мастацтвазнаўца, куратар
Церах Людміла, дызайн шкла, дацэнт
Цэгла Яна, журналіст
Шаліма Марына, дызайнер

На абмеркаванне мы вынеслі пытанні пошука артэфактаў беларускага дызайна, персаналій, інстытуцый, выданняў і вызначэння крытэрыяльнасці адбору найлепшых з іх. То бок, мы павінны стварыть універсальны інструмент адбору самых выбітных узораў са шматлікага шэрагу вырабаў з улікам самых разнастайных іх асаблівасцей і якасцей –  ад арыгінальнасці, непаўторнасці, прыгажосці да тэхналагічнасці, тыражнасці, трываласці, а таксама слыннасці і папулярнасці. Апроч ацэначных катэгорый мы павінны ўлічваць і рамачныя абмежаванні па часе, колькасці, тыпалогіі. Мы пагадніліся ў тым, што мэтазгодна пачаць збіраць складнікі топаў і анталогій у больш вузкім полі па вызначаных накірунках вытворчасці – мэбля, аўтапрам, вельмі слынны па за межамі нашай краіны, вырабніцтва шкла, парцелану і г.д.  А ўжо на падставе гэтых пералікаў абіраць самыя адметныя рэчы для агульных суцэльных збораў, вартых прадэмастраваць трапнасць, здольнасць і таленавітасць беларусаў ў яго шматлікасці і разнастайнасці праяў.              

Калекцыя, якую мы прапануем вашай увазе абмежавана 20-м стагоддзем, калі адбылося пераасэнсаванне месца і значэння мастацтва ў массавай  вытворчасці  і свядомасці спажыўца, калі распачалося станаўленне дызайна як самастойнага віда дзейнасці. Але ж у гэты пералік папалі ня толькі і не сколькі творы дызайна, але ж і звычайныя , непрыкметныя рэчы, вартасць якіх мы паспрабавалі абгрунтаваць. Па другое, гэты выбар не прэтэндуе на вычарпальнасць і адкрыты для абмеркавання.  Гэта спроба вызначэння крытэраў, спроба правакацыі прафесійнага супольства і ўсіх зацікаўленых да стварэння сваіх уласных анталогій і топасаў з іншымі рамкамі і іншай крытэрыальнасцю адбора па галіновых, тэрміновых і катэгарыяльных прынцыпах. А станоўчым вынікам гэтай карыснай працы павінен стаць сапраўдны  Нацыянальны музей дызайна і тэхнікі.

 

БЕЛАЗ

Аўтамабіль БелАЗ – візітоўная карта айчыннай прамысловасці. БелАЗ 540, першы з лінейкі і самы знакаміты з усяго мадэльнага раду, – арыгінальная наватарская распрацоўка беларускіх канструктараў 1961 г.  Стыль і  вобраз 540-га быў распрацаваны знакамітым савецкім аўтадызайнерам В. Кабылінскім і ўвасабляе панаваўшыя ў тыя часы ў савецкім манументальным мастацтве рысы суровага стылю. Спрошчаная геметрычная форма, зваротны ўхіл лабавога шкла кабіны,  лесвіцы і рэбер трохкутнага коўшавага кузава падкрэсліваюць напружанасць, моц і імклівы рух наперад  “у светлую будучыню”. Асіметрычнае размяшчэнне кабіны ўраўнаважваецца г-абразным буферам. Што нечакана і смела – адна з фар размешчана на ім, а другая непрасрэдна на радэатарнай рашотцы. Кампазіцыю гэтага твора, пабудаваную на спалучэнні простых геаметрычных форм, падпарадкаваных агульнаму рытму нахілёных і гарызантальных ліній элементаў канструкцыі, можна лічыць бездакорнай і авангарднай для свайго часу.  Такое рашэнне было несумнеўна новым і смелым нават і ў сусветным маштабе і стала прадметам падражання ў тым ліку і знакамітых бліжэйшых канкурэнтаў БелАЗу, кшталту Caterpillar, Komatsu і іншых.  Усе наступныя мадэлі БелАЗа, да распрацоўкі якіх далучаліся і іншыя дызайнеры, захавалі агульныя рысы гэтага ўдалага праекта. БелАЗ экспартаваўся болей чым у 80 краін свету, а брэнд стаў настолькі папулярным, што пад ім прадаваліся і іншыя маркі савецкага аўтапрама.

 

 

ГАДЗІННІК

Мадэль для шахцёраў “Луч” з ахоўнай накрыўкай на цыферблаце

Мінскі гадзіннікавы завод, 1980-я

У Еўропе вежавыя гадзіннікі былі пашыраныя і ў Сярэднявеччы, а вось кішэнныя з’явіліся толькі ў 1675 г. У XVII–XVIII стст.на тэрыторыя Беларусі дзейнічалі майстры гадлзіннікаў (узгадаем вядомага Еўну Якабсана з несвіжа) і цэхі майстроў, а напрыканцы XVIII ст. (1784 – 1791 гг.) працавала гадзіннікавая мануфактура ш Дуброўне. Наручны гадзіннік з’явіўся толькі з пачатку XIX ст. Прамысловая вытворчасць механічных гадзіннікаў у Беларусі распачалася з 1955 г., калі быў заснаваны Мінскі гадзіннікавы завод. Вядомым гэтае прадпрыемства зрабіў гадзіннік “Луч”, мадэлі якоганеаднаразова ўзнагароджваліся Знакам якасці і былі адзначаны на міхнародных выставах.

 

 

"ГОД МІРУ"

Адзін з самых знакамітых беларускіх плакатаў 20-га стагоддзя, створаны тады яшчэ маладымі беларускімі плакатыстамі Уладзімірам Цэслерам, Сяргеям Войчэнка, Андрэем Шэлютай «Год тыгра – год міру», атрымаў гран-пры Міжнароднай біенале плаката ў Варшаве і адмысловую прэмію Генеральнага сакратара ААН. Нядаўнія выпускнікі БДТМІ раптоўна здабылі сусветную вядомасць і сталі зоркамі графічнага дызайну, у будучыні пацвярджаючы гэтае прызнанне далейшым удзелам і перамогамі ў падобных конкурсах па ўсім свеце.

 

КАШПО

Мінскі фарфоравы завод

Фаянс

1950-я гг.

Цудоўны ўзор дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, хутчэй за ўсё, зроблены паводле эскіза М. Міхалапа. Вельмі распаўсюджаная рэч у грамадскіх установах і кватэрах беларускіх грамадзян. Адкрытая інтэрвенцыя сталінскага ампіру ў паўсядзённасць. Часцей за ўсё ў такім кашпо, аздобленым акантавым лісцем – традыцыйным элементам калічнага грэчаскага арнаменту – рос лаўр, увасабляючы спалучэнне пафасу і мяшчанскага дабрабыту.

 

КЕЛІХ

Нова-Барысаўскі шклозавод імя Дзяржынскага

Шклоробства Беларусі мае даўнія традыцыі і вядома сваімі мастацкімі выкшталцонымі вырабамі з часоў сярэдневечча. Але ж для нас цікавасть прадстаўляюць і больш утылітарныя рэчы масавай вытворчасці. Сярод такіх у СССР быў мерны посуд для розліву піва ды кваса. Гэта былі эталоныя меры аб'ёму, кожны выраб правяраўся на ёмістасць і маркіраваўся адмысловым клеймом. Разліў быў дазволены толькі ў іх. Нягледзячы на стандартызаванасць, вытворцы шукалі розныя спробы інтэрпрытацыі знешняга выгляду, часцей вакол вырыянтаў агранкі і дэкора паверхні келіха. Піўны келіх Нова-Барысаўскага шклозавода імя Дзяржынскага 1939 і 1941 года мае адметны непаўторны дызайн, з'яўляецца сёння калекцыйнай рэдкасцю і сярод калекцыянераў так і завецца – «Барысаўскія авалы». Што падштурхнула майстра зрабіць нешта не падобнае на іншых? Простае жаданне высунуцца, ці паэксперыментаваць з тэхналогіяй, і хто аўтар гэтага вырабу – гісторыі невядома. Але ж гэта рэч дастойна нашай увагі і несумнеўна мае музейнае значэнне. З каллекцыі А. Камоска.

 

 

"КЛИНОМ КРАСНЫМ БЕЙ БЕЛЫХ"

Сусветна знакаміты плакат Эля Лісіцкага, «Кліном красным бей белых» надрукаваны ў 1920 г. «Литиздатом Политуправления Запфронта». На якіх падставах мы можам лічыць гэты твор складнікам нашай анталогіі. Па першае Эль Лісіцкі нарадіўся ў мястэчку Пачынок у Смаленскай губерніі, якая ў свой час была ў складзе Савецкай Сацыалістычнай Рэспублікі Беларусь, па другое першыя урокі мастацкай адукацыі Эль Лісіцкі разам з Шагалам і Цадкіным атрымаў ад Ю. Пэна, слыннага беларускага мастака і педагога, па трэцяе плакат быў створаны і надрукаваны ў беларускім Віцебску, падчас выкладчыцкай  працы Эля у Віцебскай  Мастацкай Вучэльні, якая  пазней стала высновай арт-аб'яднання УНОВІС.

 

 

КРЭСЛА

г. Масты, 1999 г.

Аўтар гэтай мадэлі - Эрвін Шуберт, які з 1963 г. быў галоўным архітэктарам мэблевай прамысловасці БССР. Мадэль Б-3284-03, распрацаваная на пачатку 1960-х гадоў, вырабляецца і дагэтуль. Э. Шуберту ўдалося стварыць тэхналагічнае, сціплае, але пры гэтым надзвычай трывалае, зручнае і элегантнае крэсла - сапраўды знакавы ўзор беларускага дызйану. Форма яго паўтарае старажытнагрэчаскі кісмас, вядомы з V ст. да н.э., - гэта першае ў гісторыі крэсла з выгнутай спінкай. Дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў Мастах, на якім выпускаюцца гэтыя крэслы, распачало працу ў 1927 г. як фанерны завод, дзе выраблялася якасная авіяцыйная фанера. А з 1950-х гадоў прадпрыемства выпускала і тавары народнага спажывання. Беларускі саюз дызайнераў з 2012 г. кожныя два гады праводзіць выставу аўтарскага крэсла - "Пастулат".

 

 

 

 

ЛЫЖЫ

Ужо ў міжваенны перыяд лыжы былі надзвычай папулярныя ў СССР і ў Польшчы. Гісторыя знакамітых лыжаў з Целяханаў бярэ пачатак  ў 1948 г., калі на мясцовым заводзе лесаматэр’ялаў была зроблена першая партыя спартыўна-бегавых лыж, першапачаткова з цэльнай драўніны. Неўзабаве пачалі выпускаць двух- і шматслаёвыя лыжы. У 1963 г. на базе Целяханскага ФАНДОКа ствараецца лыжная фабрыка. У канцы 1970-х гг. дызайнеры беларускага філіяла Інстытута тэхнічнай эстэтыкі С. У. Саркісаў і Л. І. Мелаў распрацавалі новы лагатып і фірмовы стыль брэнда. Дзякуючы гэтаму два віды лыж атрымалі Знак Якасці СССР і шмат узнагарод на ўсесаюзных і міжнарождных выставах. У 1982 г. на вокладцы журнала Тэхнічная эстэтыка была апублікавана гэтая распрацоўка як прыклад графічнага дызайна высокага ўзроўня і якасці. У 1980-я гг. засвойваецца вытворчасць дрэвапластыкавых лыж.  Лыжы ў Целяханах выпускаюцца і зараз.

 

 

МАТАЦЫКЛ М-106 

Мінскі мотавелазавод, 1970-я

М106 – першы мінскі матацыкл, які выпускаўся з багажнікам (1971-1973 гг.). Памер: 196х66х100 см. Хуткасць: 85 км/г. Матацыклы Мінскага мотавелазавода, вядомыя ў народзе, як “макака” (ці то ад назвы, ці то ад спецыфічнай пасадкі кіроўцы) – рэч культавая для БССР 1950-х-1980-х гг.. Упершыню матацыклы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалі рабіць у Гародні 1930-х гг. Пад назвай “Niemen”. Большасць камплектуючых была імпартная – нямецкія рухавікі, брытанскія фары, латвійскія сёдлы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР гарадзенскі матацыкл сыйшоў у небыццё. Адзіны ў Беларусі экзэмпляр даваеннага “немена” аднавіў калекцыянер Васіль Цярэшка. Пасля вайны, у 1947 г. на базе нямецкага матацыкла RT-125 фірмы DKW у Маскве наладзілі выпуск М1А, які зваўся тады “Масква”, але з 1951 г. вытворчасць была перанесена на Мінскае “Мотавела”. З гэтай мадэлі распачалася вытоворчасць матацыклаў у БССР, а сам матацыкл атрымаў назву “Мінск”. Мінскія матацыклы пастаўляліся ў 45 краін свету (з 1970-х гг. асабліва папулярныя ў В’етнаме). Зараз вядомыя пад новым брэндам “M1NSK”, які сваёй назвай нагадвае пра родапачынальніка мінскіх матацыклаў.

 

НАСТОЙКА "БЕЛАВЕЖСКАЯ"

Аўтар рэцэптуры і дызайнер этыкеткі вядомай найстокі дакладна не высветлены. Гісторыя з’яўлення гэтага напоя парасла міфамі: некаторыя крыніцы паведамляюць, што настойку пачалі вырабляць беларускія леснікі, настойваючы звычайны самагон на духмяных травах, якія ў багацці раслі на тэрыторыі запаведніка. А шырокая вытворчасць напою  пачалася пасля наведвання Белавежскай Пушчы Мікітам Сяргеевічам Хрушчовым, кіраўніком былога СССР, які пакаштаваўшы горкі напой, настолькі быў уражаны яе смакам, што даў каманду адмыслоўцам высветліць дакладную рэцэптуру і пачаць яе прамысловы выраб. Гэты напой выдзяляўся не толькі арыгінальным смакам, але і формай аздаблення – адзіная з усіх гарэлак, яна разлявалася ў шкляныя штофы. Гэта быў лепшы і арыгінальны сувенір, знакаміты на ўсіх абшарах былога СССР.

Горкая настойка «Белавежская» здабыла і міжнародную славу: у 1969 годзе атрымала Вялікі Срэбны медаль на Міжнародным конкурсе ў горадзе Пардубіцэ (Чэхаславакія); у 1985-м – Залаты медаль у Міжнародным вясновым кірмашы тавараў народнага спажывання і прадуктаў харчавання ў г. Плоўдзіў, Балгарыя.

 

 ТРАКТАР МТЗ-5

Мінскі трактарны заводю 1957–1962

“Беларусь” шагае па планеце. Тыповы прадстаўнік вялізнага сямейства беларускіх трактароў вытворчасці Мінскага трактарнага завода. У СССР трактары пачынаюць масава выпускацца з 1920-х гг., але Мінск становіцца сапраўднай трактарнай сталіцай, калі ў 1953 г. распачаўся выпуск трактароў МТЗ-1 і МТЗ-2. З 1957 г. з’яўляецца мадэрнізаваны МТЗ-5. Дастаткова распаўсюджаным быў МТЗ-50, які вырабляўся з 1962 да 1985 г. Адным з найбольш масавых трактароў у СССР быў МТЗ-80, які выпускаўся з 1975 г. -- і па сённяшні дзень. У 1990-я гг. МАЗ пашырыў свой асартымент за кошт вытворчасці міні-трактароў і мотаблокаў. У цяперашні час працягваецца распрацоўка новых мадэляў трактароў, адной з перспектыўных можна назваць МТЗ-3023. Зборачныя вытворчасці трактароў “Беларусь” створаныя ў некалькіх краінах. 

 

МЯСАСЕЧКА

Зробленая на заводзе “Красный борец” у Воршы ў другой палове 1950-х гг. мясасечка – неабходная прылада ў хатнім пасляваенным гаспадарстве. Звяртае на сябе ўвагу незвычайна шырокая расстаноўка “ножак” мясасечкі, пры тым, што іншыя тагачасныя, напрыклад, аршанскія мясасечкі мелі больш тыповае мацаванне да стала. Сучасны варыянт мясасечкі са шнэкавым канвеерам вынайшаў вядомы нямецкі вынаходнік дрызіны Карл Драйз (1785-1851) у першай палове ХІХ стагоддзя. З таго часу прынцып яе дзеяння фактычна не змяніўся, толькі што акрамя ручных мясасечак у пачатку ХХ ст. з’явіліся электрычныя. Сярод беларускіх электрычных мясасечак найбольш вядомая – “Помощница”, якая выпускалася з 1982 г. на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе (зараз – ААТ “Амкадор-Белвар”).

 

 ОРДЭН

Другая палова 1920-х – пачатак 1930-х

Падчас правядзення палітыкі “карэнізацыі” ў СССР (у БССР вядомай, як “беларусізацыя”), у савецкіх рэспубліках ствараліся і ўласныя сістэмы ўзнагарод. Беларускі графік Генадзь Змудзінскі (1897-1938) стварыў эскіз ордэна Працоўнага Чырвонага знамені БССР, які ўлетку 1924 г. быў зацверджаны на паседжанні Прэзідыума ЦВК БССР. На ордэны былі надпісы на беларускай, польскай мове і на ідышы. Ордэн у колькасці 300 экзэмпляраў быў замоўлены ў Маскве. 1 верасня пастановай ЦВК і Саўнаркама БССР быў зацверджаны як вышэйшая ўзнагарода БССР. Усяго адбылося больш за 160 узнагародаў, акрамя асобаў, узнагароджваліся працоўныя калектывы, вайсковыя адзінкі. Уручэнне Ордэна працягвалася да 1933 г. На змену яму прыйшоў агульнасаюзны ордэн Працоўнага Чырвонага знамені. Новыя беларускія ордэны з’явіліся толькі ў 1995 г.

 

 

ПРЫЁМНІК “ОКЕАН”

Мінскі завод Гарызонт, 1973 г.

РАДЫЁПРЫМАЧ ТРАНЗІСТАРНЫ “Океан”-205 – вельми паспяховы беларускі “сваяк” рыжскай мадэлі “ВЭФ Транзістар-17”, якую ў 1968 годзе ў духу савецкай кааперацыі перадалі на мінскі радыёзавод “Гарызонт”. Разам з прымачом “Селена” яны неаднаразова адзначаны “Знакам якасці СССР”. Напрыканцы 1980-х гг. на “Гарызонце” выпускаўся таксама транзістарны радыёпрымач “Верас”. Першы транзістарны радыёпрымач “Regency TR-1” выпускаецца ў ЗША (1954 г.). Першы савецкі транзістарны радыёпрымач “Фестиваль” быў выпушчаны ў Ленінградзе (1957 г.).  Але першыя па папулярнасці ў 1960-я гг. у СССР безумоўна былі рыжскія прымачы “Спідола” і “ВЭФ”.

 

СЛУП

Ліхтаровы слуп – адна з цікавостак нашай сталіцы, неад’емная частка архітэктурнага ансамбля часоў “горада сонца”, якая на працягу 60 год асвятляе вуліцы і прашпекты. Нажаль, гэта адзіны ўзор гарадскога дызайну таго часу, які не быў знішчаны спрытнымі мінскімі граданачальнікамі, а наадварот, дбайна ахоўваецца і аднаўляецца. Слуп быў распрацаваны на ўмовах конкурса вядомым архітэктарам У. Каралём у сааўтарстве з яго настаўнікам, апалагетам дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва Беларусі і тагачасным дырэктарам Мастацкага музея М.Міхалапам. У аснову мастацкага рашэння лягло спалучэнне нацыянальных матываў, запазычаных з арнаменту слуцкіх паясоў з пампезнай пластыкай псеўдакласіцызма. База слупа зроблена з чыгуна, а сам слуп выкананы са сталёвай трубы, аздобленай літымі элементамі, сярод якіх - характэрныя сцягаўтрымальнікі ў выглядзе кароны. Слуп, зроблены на вякі, быў не вельмі зручны ў эксплуатацыі – літыя элементы былі крохкімі, таму на некаторых вуліцах можна заўважыць сучасныя рэмэйкі са шклопластыку – так бы мовіць, ліхтары-light. Гэтыя слупы шчыра заслугоўваюць аховы як гісторыка-культурная каштоўнасць, але наўрад ці рэальна начапіць адпаведную шыльду на кожны з іх.

 

“ЖУРАВІНКА”

Сокавыціскалка “Журавінка” – візітная картка Магілёўскага завода “Электрарухавік”. Запатрабаваная і вядомая ва ўсім савецкім саюзе як якасная і надзейная рэч, чаму напэўна і спрыяла беларускамоўная далікатная назва. Выпускаецца з 1969 г. За гэты час сокавыціскалка перанесла пяць мадэрнізацый, а аб’ём яе вытворчасці саставіў больш за 3,2 мільёны штук. Сёння ў продажы па-ранейшаму прысутнічае “Журавінка”, больш зграбная і кампактная. Да распрацоўкі дызайну сокавыціскалкі дачыняліся вядомыя прафесійныя беларускія дызайнеры Зяміль Лібстэр і Мсціслаў Нізаўцаў.

 

ТЭЛЕВІЗАР “БЕЛАРУСЬ-5”

Мінскі радыёзавод імя Леніна, з 1959 г.

Чарговая мадэль тэлевізара “Беларусь-1”, выпуск якіх распачаўся на Мінскім радыёзаводзе ў 1954 г. Прататып – ленінскі тэлевізар “Авангард” (1953 г.). Беларускія інжынеры ўнеслі нязначныя змены ў канструкцыю асобных вузлоў і дызайн. Калі “Беларусь-1” паступіў у продаж, гэта выклікала ажыятаж у мінскім ГУМе. Каб задаволіць масавы попыт, Мінскі радыёзавод у 1950-1060-я гады наладзіў выпуск тэлевізараў пад рознымі маркамі. Першымі тэлевізарамі пад вядомай зараз назвай “гарызонт” былі УНТ-59 (1968 г.). У 1976 г. тэлевізары “Гарызонт” аднымі з першых у СССР атрымалі ўласны фірмовы стыль. Адначасова ў Віцебску ўтвараецца філіял ленінградскага НВА “Ленінец”. Першы тэлевізар “Віцязь-772”, які неўзабаве атрымаў Знак якасці, віцебскі завод выпусціў у 1978 г. Беларусь-5 – не толькі тэлевізар, гэта тэлерадыёла, якая выконвала функцыі радыёпрыёмача і прйагравальніка.

 

ФОТАЗДЫМАЧ “ВІЛІЯ”

Мінскі механічны завод імя Вавілава, 1971-1991

“Вілія”, выпуск 1. Выраб ММЗ імя Вавілава, 1971-1991 гг. Усяго выраблена 3 800 000 асобнікаў. Просты малафарматны шкальны механічны фотаздымач цвёрдай канструкцыі з фарматам кадра 24х36. Пластмаса. Аб’ектыў “Триплет-69-3” 4х40 мм. У 1882 г. наш суайчыннік С.Юркоўскі сканструяваў імгненны шторна-шчылінны затвор. З 1888 г. у свеце пачынаецца масавая вытворчасць фотаздымачоў. Серыйныя фотаздымачы ў СССР пачалі вырабляць з 1929 г. На Беларусі вытворчасць фотаздымачоў пачынаецца на Мінскім механічным заводзе ў 1957 г. выпускам мадэляў сямействаў “Смена” і “Вясна” (1962-1964). З 1970-х гг. у Вілейцы выпускаліся фотаздымачы “Зеніт” (18 мадэляў). З 1973 г. пачынаецца масавы выпуск мадэляў сямейства “Вілія”, а з 1982-г. – сямейства “Элікон” і “Агат”. Фотаздымачы выпускаліся ў Мінску і Вілейцы. У Жлобіне, тым часам, выпускаліся кардонныя павільённыя камеры Ракурс-670 і Ракурс-672. У 1990-я гг. вытворчасць фотаздымачоў у Беларусі прыпынілася.

 

ЦАЦКА РЭВАЛЬВЕР

Сапраўдныя пісталеты ў БССР не вырабляліся, а вось цацачных, як і ў іншых рэспубліках СССР, хапала.Таму высветліць гісторыю гэтага рэвальвера было не так проста! Тое, што ён быў выраблены ў Навасадах у нейкім “цэху дзіцячай цацкі”, хутчэй за ўсё, у сумнавядомай калоніі № 14, мы здолелі высветліць толькі дзякуючы кошту ў 9 капеек, што супаў з коштам у каталогу цацак 1965 г. Яшчэ нейкія пісталеты вырабляліся на фабрыцы клуьттавараў у Мінску, але ўжо па 25 капеек. У СССР металічныя, драўляныя, пластыкавыя пісталеты і рэвальверы самых розных канструкцый, як і іншая цацачная зброя, карысталася попытам у малых. Нават сусветны дзень знішчэнняваеннай цацкі не можа ім перашкодзіць гуляцца з пісталетамі. Але хай ужо лепей бавяць час з цацкамі, чым з сапраўднай зброяй.

ШАКАЛАДНЫЯ БУТЭЛЕЧКІ З ЛІКЁРАМ АД "КАМУНАРКІ"

Цукеркі ў выглядзе маленькіх бутэлек, з каньяком знутры, выстворчасці фабрыкі “Камунарка”, загорнутыя ў рознакаляровую фальгу і запакаваныя ў маленькую вытанчаную каробачку. Мінская фабрыка “Камунарка” была першай у былым СССР, а можа і ў свеце, хто распачаў выпуск цукерак такой арыгінінальнай формы і незвычайнага зместа.

Са слоў вытворцаў, выпуск гэтых цукерак быў сапраўднай “сенсацыей”. Савецкія тэхнолагі ніяк не маглі зразумець як у беларускіх калег атрымалася зрабіць такі акуратны бутэлечны корпус.

Ходзіць байка, што іх прыдумаў адзін высокі чыноўнік БССР. Нібыта ён так моцна любіў алкаголь, што загадаў тэхнолагам “Камунаркі” зрабіць канфеты, каб прыхаваць сваю “дрэнную звычку”. Невядома наколькі гэта праўда, канешне. Але ў 1957 годзе ў Беларусі з’явіліся прыгожыя разнакаляровыя бутэлечкі “з сакрэтам”. Потым бутэлечкі хутка разыйшліся па ўсяму саюзу. Яны амаль не траплялі на беларускія прылаўкі, але ўсё роўна сталі культавымі цукеркамі для ўрачыстых выпадкаў.

У 1967 годзе “Шакаладныя бутэлечкі” атрымалі права на маркіроўку знакам якасці. А ў 1980 годзе патрапілі як экспанат на Міжнародную ярмарку ў г.Лейпцыге.

Нажаль, невядома хто быў аўтарамі формы і рэцэптуры бутэлечак.

Дарэчы, зараз ў іх такі ж састаў, які быў і у савецкі час. А вось варыятыўнасць алкаголю значна павялічылась!



Последние новости

Выставка «Тени и Свет» Алексея Острова в галерее БСД
Первая в Российской Федерации Международная фотографическая Олимпиада «PhotOlympic-2025»
Международный архитектурный форум «Эффективная среда» в Minsk Marriott Hotel
Как и куда поступать на "Дизайн" после 9 и 11 классов
Опубликован состав жюри I Белорусского конкурса с международным участием на разработку эффективной среды жилого квартала в городе Гродно
Природа дизайна Ильи Михайловича Коновалова
Члены БСД приняли участие в Paris Fashion Week
Дизайнер бренда TIKOTA UNIQUE продвигает одежду “со смыслом”
Выставка Проектной компании VIASET «ПРОЕКТИРУЯ ОБЪЕКТ, МЫ СОЗДАЕМ ЭФФЕКТИВНУЮ СРЕДУ»
Показ коллекции TAMARA HARYDAVETS by DOVE 15 сентября
Показ бренда TIKOTA UNIQUE при участии моделей "Академия красоты" в ДИПСЕРВИС ХОЛЛ
Паслядоўнасць часу ў музеі-запаведніку Заслаўе
Форма и цвет в интуитивной живописи Ермакова Игоря
Viva Kola Art
Колеры Вялікай Перамогі