Post Scriptum: першы беларускі фестываль аўтарскай паштоўкі

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў праводзяць першы беларускі фестываль аўтарскай паштоўкі.

Выстава-фестываль прымеркавана да дня Св. Валянціна і 8 Сакавіка.



Сёння, у часы інтэрнэту і э-мэйлаў традыцыйная паштоўка губляе сваю былую папулярнасць. Гісторыя адкрытага паштовага аркуша, які папярэднічаў з’яўленню паштоўкі, пачынаецца прыблізна з апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя, калі новая форма карэспандэнцыі надзвычай хутка распаўсюджваецца ў Еўропе і свеце. Багаты і разнастайны матэрыял, які перадусім увасобіў друкарскую і дызайнерскую працу, з’яўляецца прываблівым для шматлікіх калекцыянераў – філакартыстаў. Паштоўка ўвасабляе сабой значны пласт развіцця мастацкай культуры, перадусім - графікі і фотамастацтва. Сёння паштоўка з’яўляецца важным элементам іміджавай рэпрэзентацыі пэўнай суполкі, групы, прадпрыемства, калі замаўляецца да сезонных віншаванняў, круглых дат.

Усё ж паштоўка найчасцей утрымлівае рысы асабістага, інтымнага паслання, што робіць яе надзвычай каштоўнай для чалавека, якому яна накіроўваецца. Замяніць электронным аналагам почырк, дотыкавую адчувальнасць паштоўкі, дастаўку традыцыйнай поштай а таксама ўяўную матэрыялізаваную памяць аб адпраўшчыку сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі пакуль а можа і ўвогуле не будуць у стане, таму чалавек са стратай традыцыі дасылаць паштоўкі, незаўважна губляе пэўную часціну самога сябе, свайго індывідуалізму.

Першы беларускі фестываль аўтарскай паштоўкі мае на мэце спрыяць адраджэнню гэтага жанру. У экспазіцыі рэпрэзентаваныя як і разнастайныя гістарычныя ўзоры паштовак, пачынаючы з пачатку ХХ стагоддзя, так і працы вядомых беларускіх аўтараў. Асобнай часткай праекту з’яўляюцца конкурсныя працы, адмыслова распрацаваныя беларускімі дызайнерамі і мастакамі, студэнтамі ВНУ.

У межах фестывалю адбудуцца майстар-класы этагамі, каліграфіі, самаробнай паштоўкі, пройдуць тэматычныя вечарыны.

Адкрыццё выставы адбудзецца 12 лютага ў 16.00 у Музеі гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул. Свярдлова 4).

Дадатковая інфармацыя:

https://www.facebook.com/pashtouka.fest

www.pro-design.by/events/post-scriptum-pershyi-belaruskі-festyival-aўtarskaj-pashtoўkі.html

https://www.facebook.com/cinemaminsk

http://cinema.museum.by/

Даведкі па тэл. 327 10 75, 029 627 10 75

cinema@museum.by